BE-TARASK

Грамадзкі транспарт Маладэчна

Грамадзкі транспарт Маладэчна — сыстэма маршрутаў пасажырскіх перавозак па горадзе Маладэчне і прылеглых населеных пунктах — вёсках Насілава, Мянюткі, Цюрлі, Вытрапаўшчына, Каледзіно, пасёлку Сасновы Бор. Прадстаўлены аўтобусамі (22 маршруты) і маршрутнымі таксі (2 маршруты).

. . . Грамадзкі транспарт Маладэчна . . .

Неабходнасьць у стварэньні ў Маладэчне ўнутрыгарадзкога транспарту паўстала пасьля ўтваэньня Маладэчанскае вобласьці, калі распачаўся працэс узаемнай інтэграцыі старога местачковага цэнтру, раёну чыгуначнай станцыі і Галянова. Першы аўтобусны маршрут «Пляц Волі — Галянова» быў пушчаны ў 1947 годзе, ягоны канцавы прыпынак разьмяшчаўся за Трыюмфальнай аркай, празь якую ў той час праходзіў увесь транспарт з боку Валожыну[1].

У 1957 годзе ў горадзе налічвалася тры аўтобусныя маршруты[2] — адкрылася лінія да Сельгасснабу (сучасны рог Грамадоўскай і Лебедзеўскай), якая была ліквідаваная ў 1960 годзе, але неўзабаве зноў адкрытая з працягам да Зьдземелева у сувязі з заснаваньнем там прамысловых прадпрыемстваў. Пасьля пракладкі праспэкту Леніна адкрыўся рух да пляца Волі па вуліцы Пушкіна (Гарадоцкай).

У пачатку 1970-х гадоў абмяркоўваліся прапановы ўвесьці ў горадзе тралейбусны рух, але яны не былі рэалізаваныя. Тады ж аўтавакзал быў пераведзены са старой плошчы ў новы будынак побач з чыгуначнай станцыяй, упрыгожаны вітражамі беларускіх гарадоў (страціў іх пасьля рэканструкцыі ў 2010 годзе). 31 жніўня 1973 году ў Маладэчне на маршруце №2 зьявіўся першы аўтобус «Ікарус»[3]. Колькасьць маршрутаў у гэты час павялічылася да 10 і заставлася амаль нязьменнай (вагалася зь 9 да 11) да канца 1990-х гадоў. У сярэдзіне 1980-х гадоў распачаўся аўтобусны рух па першым і другім мікрараёнах, да заводу парашковай мэталюргіі, на пачатку 1990-х — у мікрараён №6. Пасьля скасаваньня транспартнага руху па вул. Прытыцкага паміж плошчай і вул. Валынца лініі, што праходзілі па ёй, былі часткова пераведзеныя на вул. Савецкую (Віленскую) і Энгельса (Буйніцкага). Напрыканцы 1990-х на прыпынках зьяўляюцца расклады руху аўтобусаў па хвілінах, гарадзкія маршруты пачынаюць хадзіць у Насілава (№5), Мянюткі, Цюрлі (№1), Сасновы Бор і Лазавец (№3).

У 1999 годзе ў Маладэчне зьяўляецца першае маршрутнае таксі «Чыгуначны вакзал — Мікрараён №6». У 2002—2009 гг. новы від транспарту перажывае пік папулярнасьці — з восені 2004 г. дзейнічала 10 маршрутаў, якія супадалі з трасамі аўтобусаў №№2, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12. Таксама некаторы час дзейнічала маршрутнае таксі №14 (Вакзал — Крынічная), якое залічвалася да аўтобусаў. У канцы дзесяцігодзьдзя большасьць маршрутных таксі была адмененая. Амаль адначасова з росквітам «маршрутак» пачынаецца імклівае ўтварэньне новых аўтобусных маршрутаў, колькасьць якіх у 2010 годзе даходзіць да 24. У 2003 годзе па Маладэчне пачалі курсаваць аўтобусы МАЗ, тады як «Ікарусы» цягам некалькіх рокаў паступова выйшлі з ужытку.

. . . Грамадзкі транспарт Маладэчна . . .

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under “Creative Commons – Attribution – Sharealike” [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the “GNU Free Documentation License” [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages . Web links: [1] [2]

. . . Грамадзкі транспарт Маладэчна . . .

Back To Top