BE-TARASK

Глябальнае пацяпленьне

Глябальнае пацяпленьне — працэс павелічэньня сярэднегадавой тэмпэратуры атмасфэры Зямлі і Сусьветнага акіяна зь сярэдзіны 20 стагодзьдзя.[1]

Графік сярэдняй сусьветнай тэмпэратуры

Паводле справаздачы Міжурадавай групы экспэртаў у зьменах клімату (МГЭЗК) ААН, падтрыманай нацыянальнымі акадэміямі навук краінаў «Вялікай васьмёркі», сярэдняя тэмпэратура на Зямлі ўзьнялася 0,74 ± 0,18 °C[2] у параўнаньні з часам пачатку прамысловай рэвалюцыі (у 1850-х) і «большая дзель пацяпленьня, якое назіраецца ў апошнія 50 год, выклікана дзейнасьцю чалавека», у першую чаргу выкідам у атмасфэру газаў, што выклікаюць парніковы эфэкт, такіх як вуглякіслы газ (CO2) і мэтан (CH4). Аднак былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук ЗШАпрафэсарФрэдэрык Зэйц пасьля працы ў МГЭЗК ААН заявіў: «Гэтая справаздача зусім не зьяўляецца той вэрсіяй, якую ўхвалілі навукоўцы, што напісалі арыгінал. Сама меней 15 ключавых момантаў было выкрасьлена са справаздачы. У тым ліку выказваньне аб тым, што няма ніякіх доказаў, што павышэньне ўзроўню парніковых газаў можа прывесьці да зьмены клімату. Няма таксама аніякіх пацьверджаных навуковых дадзеных і аб тым, што зьмены клімату, якія фіксуюцца, зьвязаныя зь дзейнасьцю чалавека»[3].

Вынікі, атрыманыя на кліматычных мадэлях, на якія спасылаецца МГЭЗК, кажуць, што ў XXI стагодзьдзі сярэдняя тэмпэратура паверхні Зямлі можа падвысіцца на велічыню ад 1,1 да 6,4 °C. У асобных рэгіёнах тэмпэратура можа трохі паменшыцца. У Эўропе, калі верыць шматлікім прагнозам, да 2010 году тэмпэратура зьменшыцца на 1 градус з-за запаволеньня Гальфстрыму, аднак пасьля 2010 году тэмпэратура будзе імкліва расьці і ў Эўропе, бо працэс пахаладаньня ў Эўропе накрые агульнае глябальнае пацяпленьне (да сярэдзіны ці канца стагодзьдзя ў Эўропе стане цяплей прыкладна на 10 градусаў)[4]. Як чакаецца, пацяпленьне і ўздым узроўню Сусьветнага акіяна будуць працягвацца на працягу тысячагодзьдзяў, нават у выпадку стабілізацыі ўзроўню парніковых газаў у атмасфэры. Гэты эфэкт тлумачыцца вялікай цеплаёмістасьцю акіянаў.

Апроч падвышэньня ўзроўню Сусьветнага акіяна, падвышэньне глябальнай тэмпэратуры таксама выклікае зьмены ў колькасьці і разьмеркаваньні атмасфэрных ападкаў. У выніку могуць пачасьціцца прыродныя катаклізмы, такія як паводкі, засухі, ураганы і іншыя, зьменшыцца ўраджай сельскагаспадарчых культураў і зьнікнуць шматлікія біялягічныя тыпы. Пацяпленьне павінна, па ўсёй верагоднасьці, павялічваць частасьць і маштаб такіх зьяваў.

. . . Глябальнае пацяпленьне . . .

Кліматычныя індыкатары за апошнія 0,5 млн гадоў: зьмена ўзроўню акіяна (сіні), канцэнтрацыя 18O у марской вадзе, канцэнтрацыя CO2 у антарктычным лёдзе. Дзяленьне часавай шкалы — 20 000 гадоў. Пікі ўзроўню мора, канцэнтрацыі CO2 і мінімумы 18O супадаюць зь міжледніковымі тэмпэратурнымі максымумамі.

Існуе навуковы кансэнсус, што бягучае глябальнае пацяпленьне з высокай верагоднасьцю тлумачыцца дзейнасьцю чалавека [5].

Кліматычныя сыстэмы зьмяняюцца як у выніку натуральных нутраных працэсаў, гэтак і ў адказ на вонкавыя ўзьдзеяньні, як антрапагенныя, гэтак і неантрапагенныя, пры гэтым геалягічныя і палеанталягічныя дадзеныя паказваюць наяўнасьць доўгачасовых кліматычных цыкляў, якія ў чацьвёртарадным пэрыядзе набылі форму пэрыядычных аблядненьняў, прычым цяперашні час даводзіцца на міжледнікоўе.

Чыньнікі такіх зьменащ клімату застаюцца невядомымі, аднак сярод асноўных вонкавых узьдзеяньняў зьмены арбіты Зямлі, сонечнай актыўнасьці (у тым ліку і зьмены сонечнай нязьменнай), вульканічныя выкіды і парніковы эфэкт. Па дадзеных непасрэдных кліматычных назіраньняў (зьмена тэмпэратураў на працягу апошніх двухсот гадоў) сярэднія тэмпэратуры на Зямлі падвысіліся, аднак чыньнікі такога падвышэньня застаюцца прадметам дыскусіяў, але адным з найболей шырока абмяркоўваных зьяўляецца антрапагенны парніковы эфэкт.

Нельга сказаць, што ідзе спрэчка паміж тымі, хто «верыць» і «ня верыць» у тэорыю парніковага эфэкту. Хутчэй, аспрэчваецца выніковы эфэкт павелічэньня колькасьці парніковых газаў у атмасфэры Зямлі, гэта значыць ці не кампенсуецца пацяпленьне з-за парніковага эфэкту зьменамі ў разьмеркаваньні вадзяных пароў, аблокаў у біясфэры ці іншых кліматычных фактараў. Аднак назіранае апошнія 50 гадоў падвышэньне тэмпэратуры Зямлі супярэчыць тэорыям пра кампэнсавальную ролю пералічаных вышэй зваротных сувязяў.

. . . Глябальнае пацяпленьне . . .

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under “Creative Commons – Attribution – Sharealike” [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the “GNU Free Documentation License” [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages . Web links: [1] [2]

. . . Глябальнае пацяпленьне . . .

Back To Top