.jpg)
Казіме́р-Віке́нці Хршчано́віч (1794; маёнтак Бястроск каля былой вёскі Шунеўка, цяпер Докшыцкі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 8 траўня1871) — менскі губэрнскі архітэктар, вядомы як аўтар многіх значных будынкаў Менску.
. . . Казімер Хршчановіч . . .
Нарадзіўся ў шляхетнай сям’і ў маёнтку Бястроск, цяпер Докшыцкі раёнВіцебскай вобласьці[1]. У 1813 годзе паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт, які скончыў у 1819 годзе атрымаўшы навуковую ступень кандыдата філязофіі, пасьля чаго некалькі гадоў займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. У сакавіку 1824 году быў прызначаны памочнікам унівэрсытэцкага архітэктара. Пасьля здачы дадатковых экзамэнаў у траўні 1825 атрымаў дыплём архітэктара[2].
13 кастрычніка1825 году Хршчановіч быў прызначаны менскім губэрнскім архітэктарам, на пасадзе якога праслужыў амаль 40 гадоў (у адстаўку выйшаў у 1863). У 1836 узьведзены ў ранг тытулярнага саветніка[2].

Аўтар праекту Пішчалаўскага замку (1825).
У 1830-х пабудаваў гарадзкую бальніцу й вайсковы шпіталь на сёньняшняй вуліцы Фрунзэ[3].
У 1844 годзе на Францішканскай вуліцы (сучасная вуліца Леніна) паводле праекту Хршчановіча ўзьведзены будынак менскай мужчынскай гімназіі, пабудаваны ў стылі клясыцызму. Быў разбураны ў 2-й палове 1940-х гадоў у працэсе рэканструкцыі вуліцы Леніна[4]. Таксама ў гэтым годзе паводле ягонага праекту быў пабудаваны дом Аскельрода (сёньня Рэвалюцыйная, 8)[1].
У 1847 годзе К. Хршчановіч садзейнічаў узьвядзеньню царквы Марыі Магдаліны ў Менску[3].
У 1850-я гады спраектаваў новы комплекс архірэйскага падвор’я. Прымаў удзел у рэканструкцыі Марыінскага касьцёла. У 1857 годзе на рагу вуліцаў Падгорнай і Скобелеўскай — сучасныя вуліцы Карла Маркса й Чырвонаармейская пабудаваны Дом Гаўсмана[4]. Разбураны ў канцы 1930-х гадоў пры будаўніцтве будынку ЦК КПБ[4]. У 1870 стварыў Аляксандраўскі сквэр[3].
Паводле ягонага праекту пабудаваная адміністрацыйная ўстанова ў Барысаве (1844) і дом Ліпко (1847) у Пінску[1].
. . . Казімер Хршчановіч . . .