Рэспу́бліка Малдо́ва (па-румынску: Republica Moldova) — сухапутная краіна ва Ўсходняй Эўропе, мяжуе з Румыніяй на захадзе і Ўкраінай на ўсходзе.
У межах Малдовы, на ўсходнім беразе ракі Днестр, вылучаецца Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка — не прызнанае дзяржаўнае ўтварэньне, незалежнасьць якога абвешчаная 25 жніўня 1991 году.
Адрозьніваецца значнай этнакультурнай разнастайнасьцю. Большая частка вернікаў (каля 93% насельніцтва, па зьвестках перапісу 2004 году) вызнаюць праваслаўе.
. . . Малдова . . .
Да XIV стагодзьдзя тэрыторыя сучаснай Малдовы была часткаю валоданьняў розных пляменных зьвязаў (гета-дакі, готы, анты) і дзяржаўных утварэньняў (Кіеўская Русь, Галіцкае княства, Залатая Арда). З другой паловы XIV стагодзьдзя — у складзе Малдаўскага княства, у XVI—XVIII стагодзьдзях — пад падпарадкаваньнем Асманскай імпэрыі. Польскі гісторык XVI стагодзьдзя Леанарда Гарэцкі, кажучы аб Малдове і малдаванах, адзначаў:
«Вера і абрады малдаванаў вельмі блізкія да царквы грэцкай і армянскай; сьвятары ў іх ажэньваюцца. Малдаване асабіста славяцца коньніцай, нават бяднейшыя зь іх маюць верхавых коней, здольных для паходаў і бітваў. Падобна вугорцам, яны ўзброены шчытом, шлемам і дзідой.»
У 1711 годзе малдаўскі гаспадар Дзьмітры Кантэмір у Ясах прысягнуў на вернасьць Расеі. У выніку няўдачнага для Расейскай арміі Прутскага пахода ён са сваёй сям’ёй і прыдворнымі перасяліўся ў Расею, дзе стаў адным з прыбліжных Пятра І.
У канцы XVIII стагодзьдзя ў выніку расейска-турэцкай вайны да Расейскай імпэрыі адышло левабярэжжа Днястра, у 1812 — Бэсарабія. У 1858—1861 гадах Малдова і Валахія аб’ядналіся ў дзяржаву, якая пасьля атрымала назву Румынія.
У 1917 абвешчана Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка. З 1918 году — Бэсарабія ў складзе Румыніі. У 1924 на тэрыторыі Ўкраінскай ССР утворана Малдоўская АССР.
У чэрвені 1940 году ў выніку падпісаньня Пакту Молатава-Рыбэнтропа Румынія была прымушана саступіць Бэсарабію і Паўночную Буковіну СССР. У выніку ўтворана Малдоўская ССР. У час Другой сусьветнай вайны, у 1941—1944, была занятая нямецкімі і румынскімі войскамі і было ўтворана Губэрнатарства Бэсарабія. 24 жніўня 1944, у выніку Яска-Кішынёўскай апэрацыі, тэрыторыя Бэсарабіі была зноў занятая савецкімі войскамі.
27 жніўня 1991 абвешчана незалежнасьць Рэспублікі Малдова.
Канфлікт паміж малдоўскімі і прыднястроўскімі ўладамі, распачаты ў 1989, у 1992 прывёў да ўзброенага проціборства і шматлікіх ахвяраў з абодвух бакоў. Канфлікт атрымалася спыніць дзякуючы ўмяшаньню Расеі і, у прыватнасьці, дзякуючы прысутнасьці на тэрыторыі Прыднястроўя расейскіх узброенных сіл. У цяперашні час бясьпеку ў зоне канфлікту забясьпечваюць Сумесныя міратворчыя сілы Расеі, Малдовы, Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікі і ваенныя назіральнікі ад Украіны. У ходзе шматлікіх перамоваў пры пасярэдніцтве Расеі, Украіны і АБСЭ дасягнуць пагадненьня з нагоды статусу Прыднястроўя пакуль не атрымалася. Адносіны паміж бакамі канфлікту застаюцца напружанымі.
У 1994 прынята Канстытуцыя, дзеючая да гэтага часу. У красавіку 2009 году ў Кішынёве адбыліся антыўрадавыя беспарадкі.
. . . Малдова . . .