Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (8 кастрычніка [ст. ст. 26 верасьня] 1857, Пружаны, Гарадзенская губэрняРасейская імпэрыя — 13 сьнежня1919, Петраград, РСФСР) — расейскігісторык Беларусі, Польшчы і Ўкраіны XVII—XVIII стст. Прафэсар Пецярбурскай духоўнай акадэміі, чалец-карэспандэнт Расейскае Акадэміі навук (1918).
-
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жуковіч.
Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных дасьледнікаў міжканфэсыйных адносінаў у Рэчы Паспалітай, дасьледаваў палітыку Расеі на тэрыторыі Беларусі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае. Стаяў на пазыцыях афіцыйнае гістарыяграфіі Расейскай імпэрыі. Пісаў свае дасьледаваньні ў «заходнерускім духу»[1], сьцьвярджаючы, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расейскага цара.
. . . Платон Жуковіч . . .
Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасьня 1857 у месьце ПружаныГарадзенскай губэрні ў сям’і патомнага двараніна і мітрафорнагапротаярэяАляксандра-Неўскага саборуМікалая. У 1867 року паступіў у Кобрынскую духоўную вучэльню, скончыўшы яе ў 1871 року адным з трох лепшых вучняў. Пасьля паступіў у Літоўскую сэмінарыю. Па яе сканчэньні ў 1877 року працягнуў навучаньне ў Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленьні, якое ачольваў Міхаіл Каяловіч. Платон Жуковіч зьяўляўся адным зь лепшых студэнтаў, пра што сьведчаць ня толькі адзнакі, але й успаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозі і Польская царква ягонага часу», якая пасьля перарасла ў кандыдацкую дысяртацыю, абароненую ў 1881 року. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленьні.
Па сканчэньні вучобы быў разьмеркаваны на абавязковае выкладаньне (паўтара рокі за кожны рок навучаньня) ў Полацкую духоўную вучэльню. Выкладаў геаграфію і арытмэтыку, адначасна працягваючы навуковыя дасьледаваньні. Ён істотна дапрацаваў сваю дысяртацыю і 16 студзеня 1883 пасьпяхова абараніў яе, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.
Пасьля гэтага ён атрымаў прапанову заняць катэдру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 року на загад Сьвятога Сыноду ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскае духоўнае вучэльні, а ў 1884 року стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай сэмінарыі.
Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся дасьледаваньнямі каталіцкае духоўнае адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыцьцё Літвы і Беларусі. Ён меў доступ да рэдкіх дакумэнтаў, у выніку чаго ягоныя працы мелі надзвычайную вартасьць. Працяглы час займаючыся вывучэньнем каталіцкае адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранае з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур’ёзная пагроза для целаснасьці расейскае дзяржавы.
У жніўні 1891, па сьмерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на пасаду загадніка катэдры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбурскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафэсар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніўшы дысяртацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.». У 1910 выйшаў па-за штат, а ў 1912 абраны ганаровым чальцом Духоўнай акадэміі.
Зьяўляўся чальцом Расейскага гістарычнага таварыства з 1914 року. Акрамя таго, зьяўляўся ганаровым чальцом Імпэратарскага Археалягічнага інстытуту ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалягічнай камісіі, пажыцьцёвым чальцом Уладзімерскай губэрнскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным чальцом Камісіі для разбору і парадкаваньня архіву Сьвятога Сыноду, Імпэратарскага расейскага гістарычнага таварыства, Імпэратарскага маскоўскага археалягічнага інстытуту імя імпэратара Мікалая II і Расейскага бібліялягічнага таварыства.
З 1914 займаўся дасьледаваньнем становішча насельніцтва, школьнае справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасьля падзелу Рэчы Паспалітае; працаваў над гісторыяй інвэнтароў і пачатку сялянскае рэформы на Беларусі XIX ст.
У 1917 року браў удзел у працы Ўсерасейскага царкоўнага сабору[2]. Пасьля закрыцьця Пецярбурскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленьне акадэміка Івана Пальмава быў абраны чальцом-карэспандэнтам Расейскае акадэміі навук па аддзяленьні расейскае мовы і славеснасьці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.
Памёр у 1919 року, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 року набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выданьня гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з пэрыядычных выданьняў, матэрыялы да біяграфіяў асобных дзеячоў царкоўнае гісторыі і асьветы, навучальных духоўных установаў Беларусі, апісаньне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнае творчасьці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павал Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандар Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандар Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[3].
. . . Платон Жуковіч . . .