Іўры́т (саманазва: עִבְרִית, вымаўл. [ʔivˈʁit] або [ʕivˈɾit]) — мова сэміцкае сям’і афразійскае макрасям’і, гістарычная мова габрэяў ды іхніх продкаў. Меркаваныя найранейшыя пісьмовыя сьведчаньні мовы — Х ст. да н.э.[3]
Спыніў сваё існаваньне ў якасьці размоўнае мовы прыкладна ў ІІ ст. н.э., аднак захоўваўся як мова габрэйскай літургіі й рабінскай літаратуры. У ХІХ ст. мова была адроджаная, і на цяперашні час на мове размаўляе прыкладна 9 млн чал.[4][5] (зь іх 7 млн — ізраільцяне)[6][7]. ЗША — другая паводле колькасьці носьбітаў іўрыту краіна, маючы каля 222 тыс чал., якія вольна разаўляюць на мове[8], у асноўным выхадцы з Ізраілю. Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 году засьведчыў, што ў краіне пражывае 12 926 чалавек, чыя нацыянальнасьць вызначаная як габрэі, зь іх 245 чалавек вызначылі мову сваёй нацыянальнасьці як родную[9].
Сучасны іўрыт зьяўляецца адной з афіцыйных моваў Ізраілю побач з арабскай, старажытнагабрэйская мова зьяўляецца моваю рэлігіі і вывучаецца ў сучасных габрэйскіх супольнасьцях сьвету, старажытнагабрэйская таксама зьяўляецца літургічнай мовай самарыцянаў. Як замежная мова іўрыт у асноўным вывучаецца габрэямі; асобамі, якія вывучаюць юдаізм або Ізраіль, а таксама археолягамі й лінгвістамі, якія спэцыялізуюцца ў галіне Блізкага Ўсходу. Апрача таго, іўрыт нярэдка вывучаецца багасловамі і ў хрысьціянскіх сэмінарыях. Старажытнагабрэйскай мовай напісаная Тора, тагачасная форма старажытнагабрэйскай зьведала росквіт каля VI ст. да н.э. З гэтае прычыны іўрыт таксама вядомы як сьвятая мова (па-габрэйску: לֶשׁוֹן הֲקוֹדֶשׁ, Leshon HaKodesh).
. . . Іўрыт . . .
У другой палове ІІ тысячагодзьдзя да н. э. іўрыт становіцца самастойнай сэміцкай мовай, канчаткова адасобіўшыся ад роднасных моваў і дыялектаў. Найстаражытнейшая літаратурная крыніца на іўрыце з выяўленых да цяперашняга часу — «Песьня Дэворы» (ХІІ ст. да н. э.). Пасьля гэты твор увайшоў у тэкст Старога Запавету («Кніга Судзьдзяў Ізраілевых», ч. 5).
Найстаражытнейшы надпіс на іўрыце, «каляндар з Гезэру», датуецца X стагодзьдзем да н. э.
Іўрыт — сучасьнік старажытнагрэцкай, санскрыту і кітайскай і зьяўляецца адной з найстаражытнейшых моваў сьвету. Такім чынам, яна шмат старэй за лаціну і, асабліва, шматлікіх моваў індаэўрапейскае моўнае сям’і, у якую ўваходзіць таксама й беларуская мова.
Адраджэньне іўрыту адбывалася ў Эўропе ды Ізраілі цягам ХІХ—ХХ стагодзьдзяў празь ператварэньне з мовы набажэнстваў у паўсядзённую, гутарковую ды пісьмовую мову. Ставілася ў якасьці адной з задачаў сіянісцкага руху ды Дзяржавы Ізраіль ад заснаваньня ў 1948 годзе. Суправаджалася перайманьнямі з ідышу.
. . . Іўрыт . . .